У заключны дзень спаборніцтваў на Еўрапейскіх гульнях у Менску на велатрэку адбыўся індывідуальны пераслед. Таццяна Шаракова ў кваліфікацыйным заездзе ўсталявала новы рэкорд Беларусі — 3.31,53. Затым выхаванка Андрэеўскай школы пад Оршай прабілася ў фінал, дзе яе суперніцай стала 21-гадовая італьянка Марта Каваллі. Але ў фінальным заездзе прадстаўніца Італіі прайграла Шараковай цэлых 5,5 секунд, здаволілася срэбрам, а беларуска заваявала золата! Пасля фінішу Таццяна Шаракова сказала, што знайшла для сябе новую матывацыю ў спорце пасля нараджэння дачкі Доны, а залаты медаль Еўрапейскіх гульняў можа паставіць на першае месца сярод сваіх спартовых дасягненняў.
