Вынесці казённую маёмасць без асаблівых клопатаў можна, калі табе дапамагае той, хто гэтую маёмасць ахоўвае. Менавіта так вырашылі двое жыхароў Оршы, калі залучылі ў свой план вартаўніка адной з баз Талачынскага раёна. Той ідэю прыяцеляў падтрымаў і паспяшаўся далучыцца да кампаніі. Ужо ўтрох яны пачалі выносіць з тэрыторыі фрагменты рэек і накладкі на іх. Усяго троіца здолела скрасці амаль 2 тоны запчастак для чыгуначных каляінаў. Зрэшты, збыць выкрадзенае ім было не наканавана. Па гарачых слядах крадзеж быў раскрыты, а ў дачыненні да ўсіх падазраваных была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь. Выкрадзенае вернута законнаму ўладальніку, інфармуе Група інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама.
