На сённяшні дзень Беларусь адзіная прызнаная ў свеце дзяржава, ў якой адзначаецца 7 лістапада на афіцыйным узроўні. Але дзяржаўнае свята адзначаецца зусім не на дзяржаўным узроўні. Даволі сціпла яго адсвяткавалі і ў Оршы. Адзіным публічным мерапрыемствам стала ўскладанне кветак да помніку Леніна. Распачалося святкаванне аб 11 гадзіне. На цэнтральнай плошчы сабралося з дзесятак моладзі і каля чатырох дзесяткаў людзей састарэлага ўзросту. Людзей сярэдняга ўзросту было амаль не заўважна. Хаця, прадказальна, гучалі прамовы, пачуць іх было не магчыма - гукаўзмацняльнай апаратуры не было, а на плошчы з рэпрадуктараў гучалі старыя песні. Адзіным прадстаўніком улады, які прыйшоў на святкаванне, быў намеснік старшыні выканкаму Алег Смірноўскі. Пасля яго выступу і пачалося непасрэдна ўскладанне кветак. Усё "афіцыйнае святкаванне" працягнулася не больш за 8 хвілінаў. Пасля прыйшоўшая моладзь хутка сыйшла, а старыя камуністы засталіся, каб пафатаграфавацца, яшчэ на некалькі хвілінаў.
