"Бітва розумаў" — новае інтэлектуальнае шоў, правілы якога больш мудрагелістыя, чым у "Мазгабойні", якая была ў Оршы раней. Пра правілы новай гульні аршанскіх інтэлектуалаў мы пісалі ў матэрыяле "У Оршу прыходзіць "Бітва розумаў". Стартавая гульня змяшчала вялікую інтрыгу, а складаная сістэма падліку правільных адказаў на пытанні ўносіла ў гульню элемент нечаканасці. У выніку перамогу атрымала каманда "Памяркоўныя" — калектыў са Шклова, які раней добра зарэкамендаваў сябе ў "Мазгабойні". Каманда "BY.Лён" стала другой, адстаўшы ад пераможцаў на 3 пункты. "Бронзавую" бутэльку шампанскага заваявала каманда "Звяз" з адставаннем у 5 балаў ад пераможцаў. Усяго ўдзел у першай гульні новага праекту прынялі 9 каманд. Наступная сустрэча эрудытаў прызначана на 30 жніўня.
