У сацыяльнай сетцы "Укантакце" суполка "Мая краіна Беларусь" апублікавала магчымы сучасны выгляд аршанскай царквы Пакрова Багародзіцы, якая была пабудавана уніятамі пры базылянскім манастыры. У 1960-я гады ў апошнюю фазу змагання з рэлігіяй царкву ўзарвалі, у канцы 90-х будынак былога манастыра застаўся пустым, пасля чаго стаў пагаршацца яго стан, абваліўся дах. На месцы царквы ўлады двойчы спрабавалі пабудаваць для міліцыі ізалятар часовага ўтрымання. У 1994 аршанскія краязнаўцы цалкам заблакавалі будаўніцтва, а ў 2005 годзе дамагліся таго, каб ізалятар быў пабудаваны крыху ў баку ад падмуркаў царквы. Такім чынам, царква ў будучым магла б быць адноўлена на старых падмурках, але пакуль гаворка пра гэта не ідзе - у новага гаспадара - рускай праваслаўнай царквы не хапае сродкаў і на рэстаўрацыю будынка манастыра, які захаваўся, а не тое што на аднаўленне самой царквы.
