Актыўныя грамадзяне Оршы ў сакавіку звярнуліся да гарадской адміністрацыі з патрабаваннем адмены канцэрту скандальнага шансанье Віктара Каліны ў нашым горадзе. Канцэрт быў запланаваны на 26 сакавіка, але сам спявак адклаў яго на нявызначаны тэрмін. Верагодна, у сувязі з каранавірусам. У той жа час на наступны дзень пасля меркаванага канцэрту (зварот быў дасланы 6 сакавіка, адказ атрыманы 27 сакавіка) прадстаўнік Аршанскага райвыканкама Калачоў паведаміў, што падставаў забараняць канцэрт Каліны няма. З адказу вынікае, што на канцэрт куплена траціна залі, а менавіта 181 квіток з 450 магчымых. У мінулы раз канцэрт Каліны прыцягнуў яшчэ менш слухачоў. На адсылкі грамадзян да таго, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь Віктар Каліна парушае заканадаўства Беларусі, падтрымліваючы псеўдарэспублікі на акупаванай тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей Украіны, Калачоў напісаў, што па гэтых пытаннях, у выпадку наяўнасці доказаў, неабходна звяртацца не ў выканкам, а ў праваахоўныя органы.

